ПРЭЦЫЗІ́ЙНЫЯ СПЛА́ВЫ,

металічныя сплавы з асаблівымі фіз. ўласцівасцямі (магн., эл., цеплавымі, мех.) або з рэдкім спалучэннем фіз., фіз.-хім. і мех. уласцівасцей. Вызначаюцца дакладным хім. саставам і адпаведнай структурай, адсутнасцю непажаданых прымесей, што забяспечваецца старанным падборам зыходных матэрыялаў, спец. спосабамі выплаўкі і рэжымамі тэрмічнай апрацоўкі сплаваў.

Да П.с. адносяцца сплавы з невялікім (напр., інвар) ці вельмі вялікім (напр., магнітастрыкцыйныя матэрыялы) змяненнем фіз. параметраў пры змене знешніх умоў, а таксама звышправодныя сплавы (гл. Звышправаднікі) і сплавы з зададзеным значэннем фіз. параметраў (напр., эл. супраціўленнем, цеплаправоднасцю). Выкарыстоўваюць у электроніцы, электратэхніцы, прыладабудаванні і інш.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)